Свернуть поиск
Правая колонка
Ганаровай граматай Упраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама да Дня работнікаў культуры адзначаны народны ансамбль народнай песні “Спадчына” філіяла “Пачапоўскі СДК” ДУК “ЦКС Краснапольскага раёна”.
Калектыў у мінулым годзе атрымаў ганаровае найменне “народны”. Якасць выканальніцкага майстэрства калектыву не аднойчы пацвярджалася праз удзел і перамогі ў розных фестывалях і конкурсах - раённых і за межамі раёна, у абласных і міжнародных, пацвярджалася любоўю гледачоў.
“У вялікіх залах ці ў маленькай вёсачцы, дзе набярэцца толькі з дзясатак жыхароў, мы спяваем з аднолькавай адказнасцю, імпэтам і павагай да кожнага гледача. Гэта важна, бо мы павінны паказаць багацце і прыгажосць роднай песні і мовы, якія мы атрымалі ў спадчыну”, - дзеліцца кіраўнік ансамбля Людміла Каратцова.
Так, народны ансамбль народнай песні “Спадчына” – унікальны захавальнік фальклорнай спадчыны свайго рэгіёна. Спявачкі старанна пераймаюць багаты аўтэнтычны матэрыял ад мясцовага носьбіта Ніны Яцутка, якая спявае ў калектыве, і праз розныя формы мерапрыемстваў нясуць народнае багацце людзям. З іх вуснаў злятае і песня, і мова. Вучні мясцовай школы, жыхары вёскі Пачапы, іншых вёсак раёна, жыхары г.п. Краснаполле атрымліваюць асалоду ад сустрэч з гэтым калектывам, а спецыялісты клубных устаноў меюць магчымасць у любы час атрымаць патрэбны майстар-клас, пабачыць адкрыты паказ, каб паглыбіць свае веды і набыць уменне. Не аднойчы сустрэцца з гэтым калектывам маглі і гледачы тэлебачання ці карыстальнікі сацыяльных сетак.
Разам з віншаваннямі пажадаем народнаму ансамблю “Спадчына” доўгага творчага жыцця, нястомных пошукаў і добрых знаходак у бяздонных нетрах народнай спадчыны, цікавых і змястоўных праграм, якія яшчэ не аднойчы прадэманструюць усяму свету непаўторную песенную красу свайго рэгіёна – нашай роднай Краснапольшчыны.
ВАЛЯНЦІНА МАРЧАНКА

Нет комментариев