Свернуть поиск
Правая колонка
Ёсць розныя сродкі, як выказаць любоў да роднага краю. Адным з іх з’явіліся выстаўкі і прэзентацыі падворкаў устаноў і арганізацый Краснапольскага раёна ў дзень святкавання яго вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Адна з галоўных вуліц Краснаполля 3 кастрычніка пераўтварылася ў сапраўдную арт-прастору. Багацце залатой восені, прадстаўленае праз выстаўкі гародніны і садавіны; кампазіцыі, створаныя з незвычайнай фантазіяй; рукатворная прыгажосць дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва; прысмакі на святочных сталах з традыцыйнымі стравамі і розныя напоі; прадметы і атрыбуты, якія нагадвалі пра прафесійныя асаблівасці ўстаноў, – уся гэта прыгажосць вабіла і прыцягвала да сябе. Каб агледзіць усё гэта, патрэбна была не адна гадзіна.
Ды й нельга было прайсці міма, не паслухаўшы прэзентацыі на гэтых пляцоўках – арыгінальныя, непаўторныя, разнастайныя, насычаныя змястоўнымі словамі, музыкай, песнямі, гульнямі, забавамі і розным іншым інтэрактывам. І на кожным з падворкаў былі закрануты тэмы і вызвалення Краснапольшчыны, і любові да сваёй малой радзімы, і ўслаўленне працы, якой ствараецца дабрабыт народа, і багацця роднай зямлі, і асаблівасці Года жанчыны, і асаблівасці прадстаўляемай арганізацыі ці ўстановы.
Сельскія клубныя ўстановы згуртаваліся на самым вялікім падворку, які аб’яднаў 5 сельскіх Саветаў раёна. Усе разам яны напоўнілі сваю пляцоўку і рамеснымі вырабамі – ад сувеніраў да сапраўдных саматканых ручнікоў і сурветак – ёсць сярод нашых культработнікаў такія майстры, і шматлікімі нарыхтоўкамі ў слоіках, і разнастайнай гароднінай і садавінай, і шчодра накрытым сталом. Ну, а фантазіі ў афармленні і творчасці для прэзентацыі ім не займаць! Запрашальная песня, каравай на ручніку, паднесены гасцям, – усё па традыцыі! А потым – з любоўю і фантазіяй, з гульнямі і забавамі распавялі гасцям пра галоўнае, чым жывуць і натхняюцца. Былі, канешне, - і пачастункі, і падарункі гасцям з самымі найлепшымі пажаданнямі.
Падвор’і ўпрыгожылі свята і паказалі, што людзі на Краснапольшчыне жывуць з любоўю да роднага краю!
ВАЛЯНЦІНА МАРЧАНКА

Комментарии 3