Свернуть поиск
Дополнительная колонка
Правая колонка
Тэматычнае мерапрыемства пад назвай “Краснапольшчына ў сэрцы маім”, якое ладзілася народным літаратурным калектывам “Світанак” (кіраўнік Валянціна Марчанка) філіяла “Краснапольскі РЦК”, адбылося 1 кастрычніка на Краснапольшчыне. Мерапрыемства было прымеркаванае да дня вызвалення Краснапольскага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
АСАБЛІВАСЦІ НАШАЙ ПРАГРАМЫ.
“У жыцці кожнага народа ёсць даты і падзеі, якія немагчыма і нельга забыць. Наша праграма – гэта даніна павагі подзвігу мужнага пакалення нашых бацькоў і дзедаў, наш унёсак у захаванне гістарычнай памяці і, канешне, - прызнанне ў любові роднаму краю, якім мы ганарымся, які апяваем у сваіх вершах і песнях, носім у сваім сэрцы і жадаем яму росквіту і шчасця”, - падзялілася кіраўнік калектыву “Світанак” Валянціна Марчанка.
Кампазіцыя мерапрыемства мела дзве часткі.
Адна з іх-“Памяць” - была насычана і дакументальнымі матэрыяламі, і пранізлівымі творамі, якія вярталі гледачоў у ваенны, цяжкі для радзімы час, заклікалі беражліва захоўваць свяшчэнную памяць, каб перадаць яе нашчадкам.
Верш “Поле”, вершаваны твор з рэфрэнам “Ты помніш, мая Краснапольшчына?”, перасыпаны фактамі стратаў і пакут, дакументальная хроніка сцісквалі сэрцы, а песня “Помните” узнімала пачуцці да самай вышыні.
“Апяваем з любоўю свой кут” – назва другой часткі праграмы.
Любоў да роднай Краснапольшчыны, якую яны носяць у сваіх сэрцах, была выказана аўтарамі вершаў, аматарамі іх паэзіі, чытальнікамі – пераможцамі раённага конкурсу, які адбыўся напярэдадні свята, выканаўцамі аўтарскіх песенных твораў. Замілаванне роднымі краявідамі, ласкавасць роднай мовы, цеплыня бацькоўскай хаты, каштоўнасці народнай спадчыны, гонар за свой таленавіты і працавіты народ –такімі пачуццямі дзяліліся творцы са сваімі землякамі і спляталі цудоўны вяночак для сваёй малой радзімы Краснапольшчыны. Спляталі яго са шчырай любові да роднага краю, з хараства песні і мовы, паэтычнага слова.
Умела вялі праграму члены “Світанка” Алена Качанава і Дзяніс Кустаў.
ХТО З НАМІ РАЗАМ?
Арганізатар мерапрыемства калектыў “Світанак” выказвае падзяку за ўдзел у праграме пераможцаў арганізаванага ім раённага конкурсу ў намінацыі “Мастацкае слова” Людміле Каратцовай і Алене Зенчанка; выканаўцам песень Алене Трафімавай, Таццяне Шандабыла, Таццяне Астапенка, Раману Астапенка; чытальнікам Паўлу Выганнаму, Ірыне Нікіцінай;аматарам творчасці, маладому пакаленню з ліку наведвальнікаў філіяла “Пачапоўскі СДК”, удзел якіх у свяце ў рэжыме анлайн забяспечыла Наталля Паплыка, культарганізатар гэтай установы; памочнікам у тэхнічным суправаджэнні мерапрыемства Аляксею Храмко і Іне Паплыка.
СЮРПРЫЗ СВЯТА!
Трэба адзначыць, што праграма “Краснапольшчына ў сэрцы маім” прадугледжвала і яе прагляд Рэспубліканскай атэстацыйнай камісіяй на прадмет пацвярджэння ганаровага наймення “народны” калектыву “Світанак”.Камісія таксама ацаніла багаты партфоліо калектыву з неабходнымі дакументамі і мноствам міжнародных дыпломаў, пазнаёмілася з выстаўкамі з вопыту творчай дзейнасці, ацаніла багаты фонд выдавецкай прадукцыі і выданняў з вопыту работы, з аўтарскімі кнігамі. Рашэннем камісіі ганаровае найменне было пацверджана, з чым мы віншуем наш творчы і ўнікальны літаратурны калектыў!
І, канешне, віншуем жыхароў раёна са святам!
З днём вызвалення, зямля Краснаполля!
Шчасця і міру у кожны твой дом!
ВАЛЯНЦІНА МАРЧАНКА

Присоединяйтесь — мы покажем вам много интересного
Присоединяйтесь к ОК, чтобы подписаться на группу и комментировать публикации.
Нет комментариев